|
На главную страницу | вперед | ||
|
Асветніцтва ў Беларусі (другая палова XVIII ст.)Асаблівасці эпохі Асветніцтва ў Беларусі. Асветніцтва - гэта магутны грамадска-палітычны і культурны рух, які ў канцы XVII—XVIII ст. ахапіў усю Еўропу, з'яўляўся працягам гуманістычных традыцый Адраджэння і быў накіраваны на аднаўленне грамадства праз развіццё асветы і навукі. Ідэі Асветніцтва пачалі пранікаць у Беларусь яшчэ ў канцы XVII ст., але па-сапраўднаму эпоха Асветніцтва пачалася тут у другой палове XVIII ст. У культурна-цывілізацыйным сэнсе Асветніцтва ў Беларусі, як і ў краінах Заходняй Еўропы, мела на мэце ліквідаванне сярэдневяковага феадальна-царкоўнага светапогляду і ўсталяванне новай буржуазнай культуры. У сацыяльна-палітычным кантэксце яно было павінна ліквідаваць застарэлы феадальны лад і адкрыць шлях да ўтварэння новага — буржуазнага ладу. Але ў адрозненне ад краін Заходняй Еўропы, дзе галоўная роля ў гэтым працэсе належала буржуазіі, у ВКЛ праваднікамі ідэй Асветніцтва былі галоўным чынам прадстаўнікі нязначнай часткі адукаванай, дэмакратычнай па сваіх поглядах, шляхты (палітычныя дзеячы, філосафы, пісьменнікі, эканамісты, правазнаўцы і інш.). Галоўнай асаблівасцю Асветніцтва ў Беларусі было тое, што ў другой палове XVIII ст. Рэч Паспалітая апынулася ў становішчы глыбокага ўнутры- і знешнепалітычнага крызісу, які паставіў дзяржаву на край гібелі. Таму ў гэты перыяд у руху Асветніцтва ў Беларусі вядучую ролю адыгрывалі так званыя актыўныя рэфарматары, якія выступалі са шматлікімі палітычнымі, гаспадарчымі, асветніцкімі ідэямі па адраджэнню дзяржавы, перабудовы яе грамадска-палітычнага ладу. На сродкі некаторых магнатаў — прыхільнікаў Асветніцтва — утвараюцца мануфактуры і ўзорныя сельскагаспадарчыя абшчыны, пракладваюцца каналы, арганізуюцца тэатры, музеі, наладжваецца перыядычны друк. Так, напрыклад, Антоній Тызенгаўз арганізаваў шэраг мануфактур у Гродне," на якіх выкарыстоўваліся новыя тэхналагічныя прыёмы, заснаваў тут тэатр, тэатральна музычную школу, стаў ініцыятарам выдання «Газэты гродзенскай». Іаахім Храптовіч у сваім маёнтку Шчорсы арганізаваў узорную сельскагаспадарчую абшчыну, якая неўзабаве стала вядомай далёка за межамі Беларусі, а таксама — вялікую бібліятэку, у якой змяшчалася звыш 10 тыс. кніг. Ідэі Асветніцтва сталі асновай для выпрацоўкі актуальных палітычных праектаў, якія былі накіраваны на ліквідацыю ў краіне магнацка-шляхецкай анархіі, права «ліберум вета» і іншых найбольш архаічных палітычных традыцый, саслоўнай нераўнапраўнасці. Такія асветнікі XVIII ст., як Адам Нарушэвіч, Т. Гусаржэўскі, Тадэвуш Млоцкі ў сваіх творах выказваліся ў падтрымку канцэпцыі натуральнага права, якое, па іх разуменню, дадзена Богам, замацавана грамадскім дагаворам з уладай і павінна ахопліваць і аб'ядноўваць усё насельніцтва. |
|
||
|